Паданне пра Хлусаў мост
Мост, які злучае Ніжні горад і Траецкае прадмесце, здаўна называюць Хлусавым. Назву тую атрымаў ён у далёкім і славутым ХVІ стагоддзі.
У тыя даўнія часы Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі (ці прасцей, будучая Германія) пачынала ўсталёўваць адносіны з малавядомай тады ў Еўропе Масковіяй, піша expressnews.by. Шляхі, па якіх накіроўваліся імперскія паслы, натуральна, пралягалі праз беларускія землі. На заходняй мяжы такога пасла звычайна сустракаў прыстаў з ліку дзяржаўцаў і суправаджаў яго пасольства да Вязьмы, дзе ўжо пачыналася ўласна Масковія. Суправаджэнне было неабходным, каб ніхто па дарозе пасла не пакрыўдзіў, каб вольная і разгульная беларуская шляхта не дала паслу ў карчме селядцом па твары ці не нарабіла, барані Божа, чаго больш ганебнага, усчыніўшы міждзяржаўны канфлікт, а тое і вайну.
Ды і агляд за пасламі і іх памочнікамі і слугамі патрэбны быў пільны. Не было сакрэтам, што займаліся яны не толькі дыпламатычнымі, але і выведвальнымі справамі. І чым важнейшы быў пасол, тым больш высокага рангу дзяржаўца суправаджаў яго.
Аднойчы здарылася так, што нейкага вельмі важнага імперскага пасла суправаджаў не хто-небудзь, а сам кашталян Менскі Ян Глябовіч. То быў вельмі славуты і вядомы чалавек. Падчас Інфлянцкай вайны ён наўмысна трапіў у палон да маскоўцаў. Праз нейкі час, нібы пасля доўгіх ваганняў, ён пагадзіўся служыць «цару-сабаку», як тады называлі Івана ІV Жахлівага. І «служыў» Ян Глябовіч цару дзейсна і добра. Вынікам тае «службы» стала бліскучая перамога беларускай зброі ў бітве пад Улай, дзе было разбіта маскоўскае войска. А звесткі аб руху варожых армій слаў на Радзіму Ян Глябовіч, ці не першы вядомы беларускі выведнік.
Але вернемся да нашай гісторыі. Суправаджаў Ян Глябовіч імперскага пасла. Ехалі досыць доўга, марудна, з абозам, спыняючыся ў прыдарожных корчмах ці шынках. Шлях дальні, і каб бавіць час, пасол і дзяржаўца вялі нетаропкую гутарку. Казалі пра тое, пра сёе. Адным разам гаворыць пан Ян:
— Глядзі, пане пасол, якія ў нас пушчы і лясы — вялікія, густыя. Вельмі добрае дрэва.
А паслу ці дарога надакучыла, ці мухі адолелі, ці проста не ў гуморы быў, ён і адказаў:
— Хіба ж гэта лясы і пушчы? Палкі нейкія тырчаць, хмызы рэдкія. Вось у нас у Германіі ўсім пушчам пушчы. Дрэвы доўгія, роўныя. Шмат чаго з іх будуем — і дамы, і караблі.
Хацеў запярэчыць пан Ян, бо ведаў, што здаўна ідуць па Дзвіне і Нёману плыты. Ахвотна купляюць драўніну замежныя купцы. Але не бянтэжыць жа госця. Паціснуў плячыма пан Ян.
Едуць далей.
— Глядзі, пане пасол, якія ў нас замкі!
— Хіба ж гэта замкі, — цягне сваё пасол, — куча камення накіданага. Вось у нас у Германіі замкі дык замкі! І вялікія, і прыгожыя.
Змаўчаў пан Ян. Не біцца ж з немцам на шаблях. Пасол усё ж такі.
Едуць далей.
— Глядзі, пане пасол, якія ў нас палі і лугі — шыкоўныя, багатыя.
— Ды якія там палі і лугі, — адштурхоўваецца пасол, — кочкі нейкія, балаты. Вось у нас у Германіі і палі, і лугі, мо, у сотні разоў і шырэйшыя, і багацейшыя.
Ледзь стрываў крыўду пан Ян. Толькі ў думках назваў ён пасла брахуном, якіх свет не бачыў.
Едуць далей. І раптам прыйшла цікавая думка да Яна Глябовіча.
— Ведаеце, пане пасол, — прыжмурыў ён хітра вочы, — ёсць у нашым слаўным месце Менскім мост праз раку. І мост той ня просты. Завуць яго Хлусавым, бо ўсе хлусы і манюкі, якія праязджаюць праз яго, топяцца ў рацэ.
І замаўчаў Ян Глябовіч.
Мінуў яшчэ нейкі час. Шлях доўгі. Бачыць пан Ян, нешта пачаў нервавацца пасол. Але маўчыць. Маўчыць і пан Ян.
Колькі мінулі літоўскіх вёрстаў, парушыў маўчанне пасол:
— А ці ж далёка места Менскае?
— Ды хутка будзе, — адказвае пан Ян.
Праехалі яшчэ колькі. Ізноў пасол з гэтым жа пытаннем.
І адказ яму: «Хутка будзе Менск».
Нервуецца пасол. Потам заліваецца. Ці то ад спёкі, ці то яшчэ ад чаго. А пан Ян яго пытаецца:
— Пане пасол, ці ёсць у вас у Германіі такія палі і лугі?
— Есць і такія, і лепшыя, і горшыя, — няўпэўнена адказвае пасол.
Праз некаторы час ізноў:
— Пане пасол, ці ёсць у вас у Германіі такія замкі?
— Есць і такія, але іншыя нашмат горшыя і не параўнаюцца з Гародняй, Нясвіжам, Мірам…
І ўвесь час пытаецца пасол:
— Ці ж далёка да места Менскага?
І адказ чуе:
— А вось хутка будзе ўжо.
— А ці ёсць у вас такія пушчы, пане пасол?
— Што вы, пане Ян, няма у нас такіх і лясоў, і пушчаў. Большых і прыгажэйшых за вашыя я і ня бачыў.
Так, гутарачы, яны і мінулі той мост праз Свіслач.
Пасля схамянуўся пасол, запытаўся:
— А дзе ж той Хлусаў мост?
— Разыйшоўся мост, — усміхнуўся пан Ян, — як словы пана пасла.
***
Апошняя сустрэча
Было гэта больш за два стагоддзі таму. У тых дамах, што стаяць сёння на вуліцы Койданаўскай, жыла сям’я заможных месцічаў. І было ў іх тры дачкі. Але толькі старэйшая вылучалася незвычайнай прыгажосцю. Калі дзяўчыне споўнілася васемнаццаць гадоў, да яе пачалі заляцацца розныя хлапцы — былі то і простыя месцічы, і шляхцюкі. Але з усёй той грамады спадабаўся ёй толькі адзін. Быў ён жаўнерам залогі, што абараняла места Менскае. Па святочных днях, апрануты ў прыгожую форму, ён ладна граў на флейце ў аркестры каля ратушы.
Шмат гадзін праводзілі паненка і жаўнер разам. Разам гулялі ўздоўж Свіслачы каля Ракаўскага прадмесця, разам зліваліся ў танцы пад велічныя гукі паланэза. І шапацела восеньскае лісце пад іх нагамі, і сонна цякла Няміза, узіраючыся ў неба. І глядзелі яны адзін аднаму ў вочы, і такое незвычайнае святло кахання струменілася з іх, што здавалася, няма ў свеце той сілы, што зможа перарваць тыя чароўныя пачуцці.
Здавалася закаханым, што яны жывуць адзін для аднаго. Аднак усе навокал бачылі тое каханне і ціха яму ўсміхаліся.
Час быў неспакойны. Неўзабаве бяда пагрукала ў дзверы.
Аднойчы раніцай убачыла паненка, як яе каханы прайшоў праз браму ў двор, і пачула, як дзінькнуў званочак ля ўваходу. Ужо не розумам, а сэрцам адчуваючы нядобрае, яна кінулася да сходаў. Унізе лесвіцы стаяў яе каханы ў поўнай баявой форме пешага рэгімента.
— Што здарылася, любы мой? — здрыгануўся яе голас.
— Каханая мая, адзіная мая, мне трэба ісці.
— Куды, сэрца маё?
— У паход, любая. Наш гетман Агінскі стаў на бок барскіх канфедэратаў, і цяпер усё войска Вялікага Княства Літоўскага будзе біцца з ворагам. А я павінен быць там, дзе наша войска, дзе мае сябры.
Яна стаяла на сходах, трымаючыся за парэнчы, і пальцы яе былі белыя, і твар бялейшы за паперу, і не магла вымавіць і слова.
— Але ты вер, мая любая, я вярнуся, чуеш, вярнуся абавязкова, і мы адсвяткуем нашае вяселле.
— І яшчэ, — тут ён зняў з плячэй ранец, расшпіліў яго і дастаў флейту. — Вось, ты захавай яе, а то ці раптам што…
Тут дзяўчына ўрэшце ўсвядоміла словы юнака, кінулася да яго, абняла за шыю і закрычала так, што, здаецца, здрыгануўся ўвесь дом:
— Мілы мой, каханы мой, ты толькі вярніся, вярніся, я прашу цябе…
Раптам нейкая думка працяла яе твар, яна адхіснулася ад хлапца і дрыжачым голасам прамовіла:
— Пакляніся, пакляніся ўсім, што для цябе дорага, што ты вернешся.
Камяк падкаціў да горла, слязінка задрыжэла ў вачах хлапца і скацілася па яго шчацэ.
— Я клянуся, клянуся маім каханнем да цябе, клянуся маёй матуляй і нашай Айчынай, што я вярнуся, абавязкова вярнуся.
Тут ён больш не змог стаяць, нізка схіліўся, пацалаваў дрыжачыя кончыкі пальцаў рукі сваёй каханай, падхапіў ружжо і ранец і выбег на двор, закрываючы рукавом вочы.
Далейшае, сябры мае, вам вядома. Нягледзячы на мужнасць і адвагу, канфедэраты былі разбіты вялізнай расійскай арміяй.
У няшчаснай бітве каля Сталовіч утрая большы корпус генерала Суворава разбіў войска вялікага гетмана Міхала Агінскага. Там, на баявым полі, навечна застаўся і жаўнер залогі слаўнага места Менскага.
Калі тыя звесткі дайшлі да дома на вуліцы Койданаўскай, дзяўчына не паверыла.
— Не, тое няпраўда, — казала яна, — ён абяцаў, ён пакляўся, ён вернецца.
Родныя не настойвалі, паціху суцяшалі, мяркуючы, што час загоіць і гэтыя раны.
Так міналі дні, месяцы. Прайшоў год. Паненка, здаецца, не заўважала часу. Нават падзеі падзелу Рэчы Паспалітай, калі хцівыя драпежнікі рвалі на часткі цела нашай айчыны, прайшлі для яе незаўважна. Яна жыла чаканнем. Яе прыгажосць зрабілася яшчэ больш узнёслай. Зноў да іх сталі наведвацца кавалеры. Яна прымала іх проста і ветліва і, ціха ўсміхаючыся, казала:
— Дзякую вам, але я абяцала, ён пакляўся, хіба ж я магу сама не стрымаць клятву, узяўшы яе з другога.
Але сэрца ёй шчаміла ўсё болей і болей.
Бацькі яе ўжо не маглі даць рады. Лекары толькі паціскалі плячыма.
А яна сядзела ля акна і чакала. Іншы раз адчыняла футляр з флейтай і гладзіла яе.
Так мінула некалькі год. У Менску насталі ціхія вераснёўскія дні. Аднойчы надвячоркам ў пакоі раптам загучала музыка. Гэта быў той самы паланэз, які любіў іграць яе каханы. Музыка лілася з флейты.
— Гэта ён, гэта ён! — крыкнула дзяўчына і выбегла на лесвіцу. Месячнае святло залівала сходы, дзе ўнізе, абапіраючыся на ружжо, стаяў жаўнер пешага рэгіменту войска Вялікага Княства Літоўскага. Ён выглядаў амаль такім жа, як у апошні дзень, у дзень развітання. Толькі мундзір яго быў не бліскучы, а нейкі светла-шэры і выразна былі бачны некалькі чырвоных плям у тых месцах, дзе прабіла яго картач. Гэта быў яе Каханы.
— Я стрымаў клятву, Каханая, — пачуўся яго голас. — Я вярнуўся.
— Любы мой, мілы мой, каханне маё! — ускрыкнула дзяўчына. — Ты стрымаў клятву!
Ужо не разумеючы, дзе яна і што з ёй, дзяўчына зляцела ўніз па сходах і кінулася да жаўнера. Толькі абняць яго яна не здолела.
Унізе стаяў толькі цень юнака…
Калі ўзрушаныя крыкамі дзяўчыны бацькі выбеглі да сходаў, каля расчыненых дзвярэй яны ўбачылі бездыханнае цела дзяўчыны, якая сціскала ў руцэ запаветную флейту. Непадалёк ляжала шапка жаўнера пешага рэгімента войска Вялікага Княства Літоўскага. Адкуль яна ўзялася, ніхто так і не здолеў знайсці адказу.
Пахавалі дзяўчыну на Кальварыйскіх могілках. Руку яе, што сціскала флейту, так і не здолелі расціснуць, а мо і не хацелі. У труну паклалі і тую шапку.
Шмат часу мінула з тых дзён. Але казалі, што некалі раз на год у доме раздаваўся гук флейты, што грала паланэз. Тады на сходах уверсе з’яўлялася белая постаць паненкі ў вясельным уборы. Яна спускалася ўніз па сходах, а насустрач ёй узнімалася постаць жаўнера. Ён падыходзіў да Каханай і пяшчотна цалаваў ёй руку. Сам ён трымаў шапку, нібы хаваючы ад позірку сваёй нявесты прабіты ў некалькіх месцах мундзір пешага рэгімента войска Вялікага Княства Літоўскага.
(с)
(с)